Новости проекта
Отвечаем на ваши вопросы!
Важные моменты в Инструктивно-методическом письме
Новинка! Отчеты по ведению электронного журнала
Конкурс продолжается!
Голосование
Чем, на ваш взгляд, определяется успешность школы?
Всего 21 человек
Голосование
Какой вид отдыха ты предпочитаешь летом?
Всего 22 человека
Голосование
Оцените школьный сайт.
Всего 102 человека
Голосование
Нужен ли на школьном сайте форум?
Всего 85 человек

Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій пры вывучэнні прадметаў гуманітарнага цыкла

Дата: 7 декабря 2015 в 12:03

Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій

пры вывучэнні прадметаў гуманітарнага цыкла

 

1. Да вытокаў інавацыйнай педагогікі, ці прычыны пошукаў новых формаў і відаў навучання

Неабходнасць павышэння эфектыўнасці вучэбнага працэсу ў апошні час стала відавочнай, асабліва таго боку гэтага працэсу, які звязаны з гуманізацыяй адукацыі, развіццём асобаснага патэнцыялу вучня. Назавем прычыны пошукаў змен у працэсе навучання школьным дысцыплінам у прыватнасці.

Па-першае, гэта зніжэнне матывацыі навучання. Падумаем над некаторымі лічбамі і наяўнасцю-адсутнасцю матывацыі навучання. Паводле дадзеных сацыялагічных апытанняў Міністэрства адукацыі Беларусі, вучацца з цікавасцю і стараюцца вучыцца як мага лепш каля 26 % вучняў 9 –  11 класаў. Ходзіць у школу па неабходнасці – 30 %, для 7 % вучняў 8 – 11 класаў школа – “мука”, “казарма”. У 27 % не хапае часу на выкананне дамашніх заданняў. Адной з матывацый быў названы СТРАХ (атрымаць дрэнную адзнаку, “праваліцца” на выпускным экзамене, страх перад бацькамі, настаўнікам і інш.).

Па-другое, адной з прычын перашкоды на паспяховым шляху навучання з’яўляецца перагрузка. Сярэдняя працягласць навучальнага дня для вучняў 9 – 10 класаў доўжыцца ад 11 да 14 гадзін. Многія вучні скардзяцца на розныя фізічныя недамаганні (санлівасць, раздражняльнасць, галаўны боль, бяссонніцу і інш.). Паводле дадзеных беларускіх вучоных, толькі 10% вучняў прызнаюцца практычна здаровымі, 40% маюць розныя псіхічныя захворванні, а кожны трэці вучань – псіхічныя і неўрозныя адхіленні.

Па-трэцяе, яшчэ адной з прычын необходнасці пошукаў, змен навучання ў школе з’яўляюцца вынікі навучання, якія, з аднаго боку, не задавальняюць саміх навучэнцаў і іх бацькоў. Асабліва выразна гэта бачыцца ў неабходнасці дадатковага навучання з рэпетытарамі, як правіла, у апошнія два гады (10 – 11 класы) навучання ў школе, бо, на жаль, базавымі, агульнаўстаноўленымі ведамі авалодваюць не ўсе вучні і далёка не ў поўным аб’ёме, паколькі адсутнічае арганізацыя працэсу навучання ў адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі вучняў успрымаць, засвойваць праграмны матэрыял. З другога боку, вынікі навучання не адпавядаюць і задачам навучання ў агульнаадукацыйнай школе.

Вось чаму сёння для настаўніка мала ведаць свой прадмет, валодаць педагагічнымі і прыватнаметадычнымі метадамі і прыёмамі, аратарскімі здольнасцямі, ведаць працэсы групавой дынамікі, любіць дзяцей, умець разумець і адчуваць іх і інш. Варта яшчэ абавязкова і найбольш прыярытэтна да папярэдняга магчымасць:

1) усведамлення настаўнікам неабходнасці абароны дзяцей, г. зн. адстойванне правоў і свабод дзіцяці, ці мець сацыяльна-педагагічную арыентацыю;

2) неабходнасці аглянуцца, асэнсаваць тое, што робіш, кіравацца прынцыпам “Не нашкодзіць бы!”, ці выяўляць рэфлексіўныя здольнасці;

3) сістэмы ведаў і спосабаў дзейнасці, якая дазваляе граматна і свядома выстройваць сваю дзейнасць ва ўмовах выбару адукацыйных альтэрнатыў, ці валодаць метадалагічнай культурай.

Акрамя таго, важна, каб кожны настаўнік быў перакананы, прызнаваў неабходнасць і каштоўнасць сваёй уласнай пастаяннай адукацыі, усведамляў індывідуальны характар навучання, меў пазітыўнае стаўленне да змен, меў унутраную патрэбу ў пастаянным развіцці сябе як спецыяліста.  

Зразумела, што знаёмства з тэхналогіямі навучання, авалоданне імі – гэта яшчэ не выхад, не панацэя ад усіх бед і недахопаў навучання ў школе, бо неабходна кіравацца, у першую чаргу, сістэмай кіравальна-педагагічнай дзейнасці па развіцці асобы вучня сродкамі свайго прадмета. Але ведаць пра гэта кожнаму будучаму спецыялісты патрэбна.

 

2. Асноўныя паняцці і тэрміны

Ключавым словам выступае лексема тэхналогія (techne мастацтва, навука + logosпаняцце, навучанне), якая абазначае сукупнасць ведаў пра спосабы і сродкі апрацоўкі матэрыялу. Тэхналогія ўключае таксама і мастацтва валодання працэсам, у выніку чаго персаналізуецца. Узгадаем развіццёвае навучанне Л. В. Занкова, Эльконіна для пачатковай школы, паводле якіх не асобныя эфектыўныя прыёмы, метады, тэхналогіі і нават не асобныя дыдактычныя прынцыпы, а цэласная педагагічная сістэма вызначае эфектыўнасць працэсу навучання.

Упершыню тэрмін педагагічная тэхналогія ўпамінаецца ў 20-я гг. ХХ стагоддзя ў працах па педалогіі, заснаваных на працах даследчыкаў па рэфлексалогіі (І. П. Паўлаў, В. М.Бехцераў, А. А. Ухтомскі). У гэты ж час распаўсюджваецца паняцце ‘педагічная тэхніка’, якое было вызначана як сукупнасць прыёмаў і сродкаў, накіраваных на дакладную і эфектыўную арганізацыю вучэбных заняткаў.

У 1989 г. вядомы дыдакт М. В. Кларын абазначыў два ўзроўні тэхналагізацыі ў педагогіцы: 1) тэхналогія навучання і 2) педагагічная тэхналогія, ці адукацыйная тэхналогія.

Пад першым узроўнем разумелася канструяванне сістэм масавай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі па канкрэтных дысцыплінах.

Пад другім – выяўленне прынцыпаў і спосабаў аптымізацыі адукацыйнага працэсу ў цэлым, кантролю і ацэнкі яго вынікаў [Кларин, М.В. Педагогическая технология в учебном процессе / М.В. Кларин. – М., 1989. – с. 10-11].

У наш час ў разуменні і ўжыванні тэрміна педагагічная тэхналогія існуе некалькі розных пазіцый:

1. Педагагічныя тэхналогіі як распрацоўка і прымяненне сродкаў апаратуры, вучэбнага абсталявання і тэхнічных сродкаў навучання (ТСН).

2. Педагагічная тэхналогія разумеецца як працэс камунікацыі ці спосаб вучэбнай задачы, які ўключае прымяненне біхевіярыстычных метадаў і сістэмнага аналізу для паляпшэння навучання (В. П. Бяспалька, В. А. Сласценін, А. М. Кушнір).

3. Педагагічная тэхналогія разглядаецца як абагуленая галіна ведаў, што займаецца канструяваннем аптымальных навучальных сістэм і абапіраецца на дадзеныя сацыяльных, кіравальных і прыродазнаўчых навук (В. В. Гузеева, Р. Кауфман, С. Ведэмер).

Такім чынам, педагагічная (адукацыйная) тэхналогія разглядаецца як навукова-прыкладная дзейнасць, што задае стратэгію рэалізацыі глабальных мэт адукацыі, праектаванне ідэальнай тэарэтычнай мадэлі тэхналагізацыі адукацыі; гэта сістэма функцыянавання ўсіх кампанентаў педагагічнага працэсу, якая пабудавана на навуковай аснове, запраграмавана ў часе і ў прасторы і прыводзіць да намечаных вынікаў.

Тэхналогія навучання ставіць сваёй мэтай праектаванне мадэлі тэхналагізацыі канкрэтнага вучэбнага працэсу ў межах асобнай дысцыпліны, г. зн. задае тактыку рэалізацыі стратэгіі задач адукацыі. Для вырашэння канкрэтызаваных дыдактычных задач і праектуецца пэўная тэхналогія навучання. Усе тэхналогіі навучання арыентаваны на практыку навучання і выхавання.

 

  1. Тэхналогіі навучання і іх сутнасць

На сённяшні дзень распрацаваны і практычна асвоены разнастайныя і шматлікія тэхналогіі навучання. Прапануем для азнаямлення сутнасці і зместу некаторых з іх.

Выкарыстанне ІКТ і мультымедыйных тэхналогій у выкладанні прадметаў гуманітарнага цыкла. Што датычыцца лексічнага значэння гэтага слова, то яно складаецца з дзвюх частак: multi , што ў перакладзе абазначае “многа, шмат”, і media – “асяроддзе”. У слоўніку тэрмінаў (гл. вучэбны дапаможнік для сярэдняй школы “Агульная інфарматыка. – Масква , 2003) аўтары С.Сімановіч, Г.Яўсееў і А.Аляксееў даюць наступнае азначэнне: “Мультымедыа – гэта аб’яднанне ў адным дакуменце гукавой, музычнай і відэаінфармацыі з мэтай імітацыі ўздзеяння рэальнага свету на органы пачуццяў”.

     Сапраўды, дзякуючы выкарыстанню такой камп’ютэрнай тэхналогіі на сучасным уроку школьнік мае магчымасць успрымаць неабходную інфармацыю адначасова некалькімі органамі пачуццяў, а не паслядоўна, як гэта звычайна бывае пры традыцыйным выкладанні.

     Перавага мультымедыйнай праграмы яшчэ і ў тым, што вучань падчас самастойнай дзейнасці як на ўроку, так і дома можа выбіраць уласны тэмп працы, пасільны аб’ём інфармацыі і ступень яе цяжкасці . Такі прыём выкладання і навучання дае настаўніку мажлівасць з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыяваны падыход у навучанні. Дзеці больш грунтоўна запамінаюць новы матэрыял, павышаецца іх матывацыя да пазнання школьных прадметаў, значна эканоміцца час на выкананне трэніровачна-карэкцыйных заданняў, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, фарміруецца ўменне работы з інфармацыяй: яе пошук, адбор і перапрацоўка.

     З дапамогай камп’ютэрнай графічнай праграмы PowerPoint настаўнік пры жаданні можа сам стварыць і паказаць вучням на экране набор слайдаў з разнастайнымі схемамі, табліцамі, малюнкамі, фотаздымкамі, неабходным тэкстам. Таксама ёсць магчымасць дэманстраваць анімацыйныя фільмы, відэакліпы, слухаць мелодыі як на ўроках мовы, так і літаратуры. Прафесійна падрыхтаваная дэманстрацыя пэўнай інфармацыі ў навуцы, адукацыі, бізнесе, медыцыне, прамысловасці і іншых галінах чалавечай дзейнасці называецца яшчэ і прэзентацыяй .

     Перш чым уводзіць новыя мультымедыйныя сродкі навучання ў вучэбна-выхаваўчы працэс, настаўнік павінен усвядоміць педагагічную мэтазгоднасць прымянення камп’ютэрнай тэхнікі на ўроку: што ў выніку гэта дасць вучням і самому педагогу-карыстальніку.

     Камп’ютэр ніколі не заменіць настаўніка, а толькі дапаможа зрабіць яго працу больш эфектыўнай. Па-першае, педагог на медыа-ўроку часцей за ўсё выступае ў якасці кансультанта, а гэта значыць, ён зможа адвесці на індывідуальную работу з вучнямі больш часу. Па-другое, ёсць унікальная магчымасць зрабіць урокі роднай мовы і літаратуры больш цікавымі, нагляднымі і дынамічнымі. Па-трэцяе, школьнікі за даволі кароткі тэрмін нашмат лепш запамінаюць неабходны матэрыял, больш глыбока ўсведамляюць яго сутнасць.

     Мультымедыа-ўрок – гэта таксама тып урока фарміравання новых ведаў, як і ўрок-лекцыя, урок-семінар, урок-экскурсія, урок-даследаванне. Праводзіць яго можна ў звычайным класе, які абсталяваны камплектам апаратных сродкаў. Для дэманстрацыі неабходны камп’ютэр, спецыяльны праектар, экран, гукавыя калонкі і наяўнасць прыстасаванняў для дыскет і кампакт-дыскаў.

     У час праектавання мультымедыа-ўрока рэкамендуецца ўлічваць і захоўваць некаторыя санітарна-гігіенічныя правілы і патрабаванні. Для школьнікаў 6-7 класаў можна адвесці да 20 хвілін часу на бесперапынную працу за камп’ютэрам, для  8-9 класаў – да 25 хвілін, для старшакласнікаў – да 30. З мэтай зніжэння стамляльнасці вучняў прапануем працу за камп’ютэрам чаргаваць з працай за дадатковым сталом : спалучаць прагляд прэзентацыйнага матэрыялу на маніторы ці экране з выкананнем разнастайных трэніровачна-карэкцыйных практыкаванняў і заданняў.

 

Мэта тэхналогіі праектнага навучання заключаецца ў прадстаўленні вучням магчымасці самастойна набыць веды з розных крыніц, навучыцца карыстацца імі для вырашэння новых пазнавальных і практычных задач, развіваць даследчыя ўменні і аналітычнае мысленне.

     Праектнае навучанне ў першую чаргу звязана з метадам праектаў, які вядомы педагагічнай грамадскасці яшчэ і як метад праблем. Узнік ён у 20-ыя гады ХХ-га стагоддзя ў ЗША. Амерыканскі філосаф, педагог Дж.Дзьюі, а пазней і яго вучань В.Х.Кілпатрык распрацавалі гэты метад як гуманістычны накірунак у філасофіі і адукацыі. Дж.Дзьюі прапанаваў усё навучанне будаваць на актыўнасці і практычнай дзейнасці саміх дзяцей, пры гэтым патрэбна ўлічваць іхнія асабістыя інтарэсы і жаданні ў такім пазнанні. Для таго, каб матываваць падлеткаў на іх асабістую зацікаўленасць і неабходнасць у ведах, вучоны зазначыў, што спачатку патрэбна паказаць ім вельмі важную і значную жыццёвую праблему, а каб вырашыць яе і атрымаць рэальны вынік, давядзецца выкарыстаць неабходны багаж новых ведаў, якія трэба будзе яшчэ набыць па пэўнай дысцыпліне.

      Адначасова з распрацоўкамі амерыканскіх педагогаў ідэі праектнага навучання ўзніклі і ў Расіі. Выдатны рускі філосаф М.Ф. Фёдараў распрацаваў прынцып адзінства тэарэтычных ведаў і практычнага дзеяння. У 1905 годзе рускі педагог С.Ц.Шацкі таксама арганізаваў невялікую групу супрацоўнікаў, якія імкнуліся актыўна выкарыстаць праектныя метады ў практыцы выкладання.

      Сёння ў аснову метада праектаў пакладзена спалучэнне двух паняццяў – праекта і яго выніку, якія сарыентаваны на самастойную дзейнасць школьнікаў – індывідуальную, парную і групавую.

     Праект – гэта не даклад, не рэферат і нават не навуковае даследванне. У педагогіцы праектам прынята лічыць тэхналогію вырашэння пэўнай практычнай праблемы і стварэнне пэўнага прадукта. Праектам у агульнаадукацыйнай установе можа быць стварэнне настаўнікам гуманітарыем школьнага тэатра, фальклорнага калектыва, літаратурнага музея, літаратурна-музычнай кампазіцыі, школьнай рэдакцыі насценнай газеты ці часопіса, мастацкай студыі, літаратурнага клуба, камп’ютэрнага сайта і г.д.

 Тэматыка вучнёўскіх праектаў можа быць звязана з адной прадметнай галіною – монапраект. Ён выконваецца на матэрыяле аднаго канкрэтнага школьнага прадмета (беларускай мовы, літаратуры, гісторыі Беларусі, сусветнай мастацкай культуры) ці несці міждысцыплінны характар – міжпрадметны. Тут інтэгруецца разнастайная тэматыка некалькіх прадметаў (напрыклад, беларуская літаратура і гісторыя Беларусі; беларуская літаратура і сусветная мастацкая культура; беларускі фальклор, літаратура, жывапіс і музыка Беларусі). Але, як зазначалася вышэй, пры падборы тэмы праекта настаўнік павінен арыентавацца на асабістыя інтарэсы, магчымасці школьнікаў і на практычную значнасць абранага праекта для адпаведнага вучнёўскага калектыва.

 

 Тэхналогія педагагічных майстэрняў была распрацавана французскімі педагогамі прадстаўнікамі ЖФЭН (groupe francais education nouvelle – французская група новай адукацыі), а вытокі руху гэтай групы педагогаў звязаны з імёнамі знакамітых псіхолагаў П. Лажавенам, Анры Валонам, Жан Піажэ і інш.

Сутнасць тэхналогіі педагагічных майстэрняў заключаецца ў пабудове (“адкрыцці”) ведаў самімі вучнямі шляхам калектыўнай працы ва ўмовах развіццёвай прасторы. Пад  развіццёвай прасторай разумеюцца аб’ектыўныя жыццёвыя сітуацыі, у якіх змешчаны ўсе неабходныя ўмовы для развіцця патрэбнасцей і здольнасцей дзіцяці.

Прынцыпы пабудовы педагагічных майстэрняў:

1. Майстар (настаўнік) стварае армасферу адкрытасці, добразычлівасці, сумеснай творчасці ў зносінах.

2. Уключае эмацыянальную сферу навучэнца, звяртаецца да яго пачуццяў, будзіць зацікаўленасць вучня да вывучэння праблемы (тэмы).

3. Працуе разам з усімі, майстар роўны вучням у пошуках ісціны.

4. Майстар не спяшаецца адказваць на пытанні.

5. Неабходную інфармацыю ён падае малымі порцыямі, адчуўшы патрэбу вучняў у ёй.

6. Выключае афіцыйную ацэнку работы вучня (не хваліць, не сварыцца, не выстаўляе ацэнкі ў журнал), але праз сацыялізацыю, афішыраванне работ дае магчымасць з’яўлення самаацэнкі вучнем і яе змен, самакарэкцыі.       

Раскрыем сутнасць і этапы работы майстэрні:

1. “Індукцыя” – стварэнне эмацыянальнага настрою, уключэнне падсвядомасці, вобласці пачуццяў кожнага вучня, стварэнне асабістых адносін да прадмета абмеркавання. Індуктар – слова, вобраз, фраза, прадмет, гук, мелодыя, тэкст, малюнак – усё, што можа разбудзіць пачуццё, выклікаць асацыяцыі, успаміны, адчуванні, пытанні.

2. “Самаканструкцыя” – індывідуальнае стварэнне гіпотэзы, рашэння, тэксту, малюнка, праекта.

3. “Сацыяканструкцыя” – пабудова гэтых элементаў групай.

4. “Сацыялізацыя” – усё, што зроблена індывідуальна, у пары, у групе, павінна быць абнародавана, абмеркавана, “пададзена” ўсім, усе думкі выслуханы, усе гіпотэзы разгледжаны і абмеркаваны.

5. “Афішыраванне” – вывешванне “твораў” – работ вучняў і Майстра (тэкстаў, малюнкаў, схем, праектаў, рашэнняў) у класе і азнаямленне з імі – усе чытаюць, абмяркоўваюць ці зачытваюць услых (Майстар, аўтар, іншы вучань).

6. “Разрыў” – унутранае ўсведамленне ўдзельнікам майстэрні непаўнаты ці неадпаведнасці сваіх старых ведаў новым, унутраны эмацыянальны канфлікт, які рухае яго да пошуку адказаў, да паглыблення ў праблему, да зверкі новых ведаў з навуковай крыніцай, літаратурай.

7. “Рэфлексія” – адлюстраванне пачуццяў, адчуванняў, што ўзніклі ў вучняў у ходзе майстэрні, гэта багацейшы матэрыял для рэфлексіі самога Майстра, для ўдасканалення ім канструкцыі майстэрні, для далейшай работы.

План майстэрні дэталізаваны, неабходна прадугледзець мноства заданняў, “падказак” – інфармацыі, якая будзе прапанавана вучням у той момант, калі ў ёй узнікае неабходнасць. Для работы настаўнік рыхтуе мноства картак, схем, табліц, таго даведачнага матэрыялу, у якім вучні знойдуць адказы, новыя праблемы. Гэта можа адштурхнуць настаўніка, але вынікі працы вучняў падштурхне настаўнікаў да самаўдасканалення, да супрацоўніцтва з калегамі, аднадумцамі.

Тэхналогія навучання як вучэбнага даследавання была апісана ў працах розных вучоных-педагогаў (Дж. Брунер, Д. Шваб, Х. Таб, Г. Альтшулер, М. Кларын і інш.) у 50-60 гады ХХ ст.. Аналізуючы “авангардныя” шматлікія дыдактычныя пошукі ў русле вучэбнага даследавання, М. Кларын выводзіць наступныя дыдактычныя патрабаванні да зместу навучання як даследавання:

1. У вучняў павінна ўзнікнуць пачуццё незадавальнення (патрэбнасць) існуючымі ўяўленнямі. Яны павінны прыйсці да адчування іх абмежаванасці, разыходжання з уяўленнямі навукоўцаў.

2. Новыя паняцці (уяўленні) павінны быць такімі, каб вучні ясна ўяўлялі іх змест. Гэта не азначае, што вучні павінны іх прытрымлівацца самі, верыць, што яны апісваюць рэальны свет.

3. Новыя ўяўленні павінны быць праўдападобнымі ва ўспрыманні вучняў (патэнцыяльна дапушчальнымі, суадноснымі з іх ўяўленнямі пра свет).

4. Каб вучні адмовіліся ад першасных уяўленняў, патрэбна сур’ёзныя прычыны. Новыя ідэі павінны быць яўна больш карыснымі, чым старыя. Яны павінны памагаць рашыць невырашальную праблему, весці да новых ідэй.

2-і і 3-і прынцыпы адпавядаюць класічным дыдактычным патрабаванням (даступнасць да пераходу ад блізкага да далёкага, ад вядомага да невядомага (Я.А. Каменскі)), а 1-ы і 4-ы прынцыпы – “незадавальненне” існуючымі ведамі – і патрабаванням выхаду на пошукавы характар навучання.

На аснове прапанаваных дыдактамі практычных распрацовак Д. Г. Левітас працэдуру вучэбнага даследавання прадстаўляе праз наступны алгарытм:

  • знаёмства з літаратурай;
  • выяўленне праблемы;
  • пастаноўка праблемы;
  • выясненне незразумелых пытанняў;
  • фармуляванне гіпотэзы;
  • планаванне і распрацоўка вучэбных дзеянняў;
  • збор дадзеных (назапашванне фактаў, назіранняў, доказаў);
  • аналіз і сінтэз сабраных дадзеных;
  • супастаўленне дадзеных і разумовых заключэнняў;
  • падрыхтоўка і напісанне (афармленне) паведамлення;
  • выступленне з падрыхтаваным паведамленнем;
  • пераасэнсаванне вынікаў у ходзе адказаў на пытанні;
  •  праверка гіпотэз;
  • пабудова паведамленняў;
  • пабудова вывадаў, заключэнняў.

І далей Д. Г. Левітас выдзяляе наступныя этапы мадэлі “Навучанне даследаванню”:

1 этап. Сутыкненне з праблемай.

2 этап. Збор дадзеных – “верыфікацыя”.

3 этап. Збор дадзеных – эксперыментаванне.

4 этап. Пабудова тлумачэння.

5 этап. Аналіз ходу даследавання.

6 этап. Вывады.

          Такім чынам, толькі пералік некалькіх тыпаў тэхналогій навучання і раскрыццё іх сутнасці дазваляе выявіць накірункі і спосабы арганізацыі навучальнай дзейнасці вучняў з мэтай развіцця іх самастойнасці, творчасці, цікавасці да авалодання новым матэрыялам, новымі ведамі і асабліва да выпрацоўкі спосабаў самастойнага здабывання ведаў.

        

Літаратура:

1. Бабко, Г.И. Модульные технологии обучения: теория и практика проектирования / Г.И. Бабко. – Минск: РИВШ, 2010. – 64 с.

2. Дьяченко, В.К. Сотрудничество и обучение / В.К. Дьяченко. – М., 1991. – 184 с.

3. Ильиницкая, И.А. Проблемные ситуации и пути их создания на уроке / И.А. Ильиницкая. – М., 1993. – 93 с.

4. Кашлев, С.С. Современные технологии педагогического процесса С.С. Кашлев. – Минск, 2000. – 169 с.

5. Котов, В.В. Организация на уроках коллективной деятельности учащихся  / В.В. Котов. – Рязань, 1997. – 100с.

6. Ксензова, Г. Ю. Перспективные школьные технологии: Учебно-методическое пособие для преподавателей / Г.Ю. Ксензова. – М.: Пед. общество России, 2001. – 173 с.

7. Лаптев, В.В. Модернизация общего образования: технологии образовательной деятельности / В.В. Лаптев, А.П. Тряпицына. – СПб: Береста, 2002. – 95 с.

8. Левитес, Д.Г. Практика обучения: современные образовательные технологии / Д.Г. Левитес. – М.: Изд-во «Институт практической психологии»; Воронеж: НПО «Модэк», 1998. – 288 с.

9. Ляудис, В.Я. Инновационное обучение: стратегия и практика / В.Я. Ляудис. – М., 1994. – 202 с.

10. Окунев, А. Как учить не уча / А. Окунев. – СПб.: Питер, 1990.

11. Пидкасистый, П.И. Технология игры в образовании / П.И. Пидкасистый, Ж.С. Хайдаров. – Минск, 1996. – 110 с.

12. Селевко, Г.К. Альтернативные педагогические технологии / Г.К. Селевко. – М., 2005. – 132 с.Альтернат

13. Шевченко, С.Д. Школьный урок: как научить каждого / С.Д. Шевченко. – М., 1991.

 

Дадатак

     З гэтых сайтаў педагог мае магчымасць узяць для мультымедыа-ўрока неабходныя тэксты, фотаздымкі і мелодыі. Самастойна створаныя настаўнікам інфармацыйныя і адукацыйныя распрацоўкі могуць выкарыстоўвацца для франтальнага, групавога і індывідуальнага навучання ў адукацыйнай установе, а таксама для самастойнай працы вучняў дома.

www .brest .by ( Брэсцкая крэпасць-герой) ,

http ://natlib.org.by (Нацыянальнай бібліятэкі),

www.kniha.by.ru (творы мастацкай літаратуры),

http ://literatura.at.tut.by (партал беларускай літаратуры),

www.lim.by (газета “Літаратура і мастацтва”),

www.dziejaslou .by (часопіс “Дзеяслоў”)

http://starbel.narod.ru (гісторыя Беларусі IX - XVIII стст.),

www.apx-by.info ( архітэктура Беларусі),

http ://globus.tut.by (помнікі архітэктуры Беларусі),

www.krayavid.znyata.com ( маладзёжнае фота),

www.arthistory.ru (гісторыя сусветнага мастацтва),

www.kupala-theatre.by ( Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы),

http ://rtbd.of.by (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі),

http ://museum.bsu .by ( Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь),

www.wallpapers.km.ru (разнастайныя тэматычныя фотаздымкі),

http://pogudo.bas-net.by (Літаратурныя музеі М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа),

www.bykau.by.ru (Васіль Быкаў),

www.pesniary.com (ансамбль “Песняры”),

http ://bogdanovich149.narod.ru (Максім Багдановіч),

http ://uladzimir-karatkevich.iatp.by (Уладзімір Караткевіч)

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.